keyboard_arrow_up

Юрый Губарэвіч: Не адчыняйце дзверы зборшчыкам подпісаў!

17-05-20

Не адчыняйце дзверы зборшчыкам подпісаў! Яны могуць стаць разносчыкамі хваробы, тыя, хто дасылае людзей збіраць подпісы такім чынам, паступаюць безадказна, кажа старшыня Руху "За Свабоду" Юрый Губарэвіч.

“Мая ініцыятыўная група не будзе ладзіць класічную кампанію па зборы подпісаў. У час каронавіруснай эпідэміі паўнавартасна яе правесці і сабраць неабходныя 100 тысяч подпісаў грамадзян - немагчыма. Можна прагназаваць падачу ў ЦВК ксеракопій подпісаў, як гэта рабілі некаторыя апазіцыйныя палітыкі ў 2010 і 2015 гадах.

Подпісны этап, калі нашы ініцыятыўныя групы зарэгіструюць, дасць легальныя магчымасці для правядзення цягам месяца кампаніі “За Беларусь без дыктатуры!”. Гэта асабліва актуальна, улічваючы хвалю рэпрэсіяў супраць блогераў і актывістаў, якая разгарнулася адразу пасля прызначэння даты выбараў.

Кандыдаты, якія накіруюць сваіх зборшчыкаў подпісаў па кватэрах, ператвораць іх у хадзячую біялагічную зброю. Ім давядзецца кантактаваць у разгар эпідэміі са мноствам людзей без гарантыяў санітарнай бяспекі. У выніку аркушы з подпісамі грамадзян трэба будзе несці не ў выбарчую камісію, а ў інфекцыйныя аддзяленні клінік. У выпадку заражэння зборшчыкі подпісаў ужо праз тыдзень стануць разносчыкамі каронавіруса. На іх вопратку варта было б змяшчаць знак біялагічнай небяспекі.

Таму ва ўмовах эпідэміі covid-19 патрэбны перанос выбараў. І таму мая ініцыятыўная група не пойдзе па кватэрах грамадзян Беларусі збіраць подпісы. Мы будзем камунікаваць з выбаршчыкамі на вулічных пікетах. З максімальным сацыяльным дыстанцыянаваннем і сродкамі санітарнай абароны. Асноўнымі тэмамі будуць рэформы, адстаўка Лукашэнкі і перанос выбараў.

Для Лукашэнкі перанос выбараў - палітычная смерць: пасля 6 лістапада ягоныя ўладныя паўнамоцтвы сканчаюцца, кіраваць краінай павінен будзе прэм’ер-міністр Румас. Балатуючыся як просты грамадзянін-пенсіянер - без адміністратыўнага рэсурсу, манаполіі на дзяржаўныя СМІ і без фальсіфікацыяў, Лукашэнка не мае аніякіх шансаў застацца пры ўладзе.

Калі выбары не перанясуць на пазнейшы тэрмін, мы арганізуем кампанію назірання за галасаваннем. Мэта - фіксацыя і абскарджанне парушэнняў. Перакананы, што яўка выбаршчыкаў будзе самай нізкай за ўсю гісторыю прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі і, верагодна, недастатковай, каб выбары адбыліся. У такім выпадку мы будзем патрабаваць новых выбараў пасля сканчэння эпідэміі”.